"Тэатральны куфар – 2010" распачнуць дзівакі на роварах

27 верасня пачынаецца фестываль студэнцкіх тэатраў "Тэатральны куфар – 2010". Ён пачнецца з велапрабегу "Дзівакі на роварах". Акцыя стартавала ў 15.30 ад "Мінск-Арэны" і завяршыцца ўвечары на Кастрычніцкай плошчы перформансам. У фестывалі ўдзельнічаюць больш за 200 чалавек. Дарэчы, летась удзельнікаў было каля 180. Пра гэта Еўрарадыё распавёў арт-дырэктар "Тэатральнага куфра-2010", кіраўнік тэатра БДУ "На балконе" Сяргей Турбан.

Турбан: "Удзельнікі прэзентуюць 19 спектакляў з 16 краінаў свету. Упершыню ўдзельнічаюць тэатры з Італіі, Партугаліі, Босніі і Герцагавіны. Будуць мона-спектаклі. Будзе цікавы спектакль акцёра з Босніі і Герцагавіны. Сёлета мы вярнуліся да праекта Koufar-in-Motion, калі мы за тыдзень ставім нейкае тэатральнае дзеянне".
 
Беларускі бок прэзентуе на фестывалі чатыры спектаклі. Сярод удзельнікаў тэатр БДУ "На балконе", тэатр "На філфаку", тэатр Тэхнічна-аграрнага ўніверсітэта "Праметэй" і тэатр Полацкага ўніверсітэта "Арт".