Трэнер "ДСК" (Гомель): Перад гульнёй з "Дынама" нам удалося расслабіцца

Каманда "ДСК" (Гомель) выйшла ў паўфінал Кубка Беларусі па футболе, сенсацыйна абыграўшы ў другім матчы мінскае “Дынама” з лікам 3:1. Трэнер гомельскай дружыны Ўладзімір Рышчанка патлумачыў Еўрарадыё, што галоўны сакрэт перамогі – у адпаведным настроі гульцоў.

Уладзімір Рышчанка: “Настрой быў асаблівы. І хлопцы хацелі давесці, што чагосьці вартыя ў беларускім футболе. Мы заехалі ў Лагойск, каб падрыхтавацца да гульні, і там разняволілі хлопцаў: сказалі ім, што “дынамаўцы” такія ж самыя хлопцы, толькі ўзроўнем палепш, і з імі можна гуляць ды выйграваць. Гэтак і атрымалася: хлопцы супакоіліся, знялі стрэс – і ўсё”.

У планах гамельчукоў – трапіць у Вышэйшую лігу і ў еўракубкавы турнір. Нагадаем, наступную гульню яны правядуць з “Тарпеда”.