Трое жыхароў Маларыты абрабавалі ўкраінцаў і спалілі іх аўтамабіль

Двое жыхароў Украіны пацярпелі ў беларускім горадзе Маларыта ад злодзеяў. Падрабязнасці здарэння даведаўся наш карэспандэнт Аляксей Мурланаў:

«Позна ноччу на ўласным аўтамабілі ВАЗ-2105 украінцы прыехалі да свайго сваяка ў Маларыту. Каб даведацца месцазнаходжанне яго дома, звярнуліся да маладога хлопца, якога заўважылі на вуліцы.

Той пагадзіўся, але прапанаваў заехаць за яго сябрамі, якія дакладна ведаюць, дзе знаходзіцца пазначаны дом. Пасля таго, як у машыну селі яшчэ двое хлопцаў, адзін з іх паказаў дарогу, але зусім у іншае месца.

На трасе маларытчане пачалі душыць украінцаў, адабралі паўтары тысячы долараў і 50 грывен, пасля чаго выкінулі іх з машыны. Злачынцы крыху ад’ехалі ад месца здарэння і падпалілі аўтамабіль».


Як нам стала вядома, ужо праз тры гадзіны злачынцы былі затрыманыя. Высветлілася, што ўсе яны маюць судзімасці, а адзін — ажно дзве. Зараз ім пагражае адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 15 гадоў.