Трусаў: Каб правы былі без памылак, павінны паклапаціцца самі кіроўцы

Еўрарадыё: Як часта назіраюцца такія памылкі, як напрыклад зараз на новым пасведчанні для кіроўцаў?

Алег Трусаў: "Гэта з'ява ва ўмовах дзвюхмоўя даволі частая. Тым больш, што могуць, напрыклад, і ў рускі тэкст беларускае слова ўставіць, літару "і" часта блытаюць, "ў" часта не ставяць. На жаль, гэта з'ява тыповая".

Еўрарадыё: У якіх выпадках назіраецца гэта з'ява?

Алег Трусаў: "Яна назіраецца ў выпадках, калі чалавек лічыць, што ён ведае мову, а насамой справе — не ведае. Або проста не вычытвае той тэкст, які набірае на кампутары".

Еўрарадыё: Можа ў вас узнікла ідэя, куды можна напісаць наконт гэтага пасведчання, каб пераклалі на правільную беларускую мову?

Алег Трусаў: "Гэта павінен рабіць сам грамадзянін. Убачыў памылку — звярнуўся да ўлады, улада паправіцца. Каб у нас была адна дзяржаўная мова, канечне, памылак было б менш, а як дзве — у нас трасянка пануе ў Беларусі".

Еўрарадыё: Ці магчыма, што грамадства ад трасянкі пяройдзе да літаратурнай беларускай мовы?

Алег Трусаў: "Гэта магчыма. І лепей трасянка, чым цалкам не наша мова, бо з трасянкі вярнуцца да нашай мовы прасцей. Я нядаўна быў у Ірландыі, дык там нам зайздросцяць, бо ірландска-ангельскай трасянкі практычна няма. І асноўная маса ірланцаў хоць і вучыць ірладскую мову ў школах, не ведаюць яе ці ведаюць вельмі слаба. Таму факт трасянкі — гэта палка з двума канцамі. Пакуль яна ёсць, ёсць шанец, што мы яе пераадольваем. Калі яе няма і яе выціснула чужая мова, дык справа катастрафічная. Пашырэнне трасянкі — станоўчы момант у параўнанні з тым, што напрыклад было ў 1970-я ў Мінску".

Еўрарадыё: Можна казаць пра паляпшэнне сітуацыі з беларускай мовай?

Алег Трусаў: "Зараз, калі не прыязджаюць носьбіты рускай мовы з Расіі, дык беларусы ўсё горш і горш гавораць па-руску. Усё больш ужываюць націскі беларускія, вымаўленне, канчаткі, словы, атрымліваецца, што трасянка паступова беларусізуецца".

Еўрарадыё: Караценечкі можа рэцэпт: як перайсці на беларускую мову?

Алег Трусаў: "Трэба не баяцца на ёй размаўляць. І спачатку вы будзеце размаўляць на той жа самай трасянцы, але ёсць адно правіла — калі вы сказалі не тое слова, то адразу наступны сказ з правільным словам. Гэта закон вывучэння любой мовы".