Тур: План рэалізацыі дырэктывы №4 будзе падрыхтаваны да 1 лютага

Да канца студзеня павінны ўнесці ва ўрад план рэалізацыі дырэктывы аб лібералізацыі. Для гэтага пры Міністэрстве эканомікі працуе экспертная група, якую ўзначальваюць прадстаўнікі прадпрымальніцкіх структур. “Яны павінны акумуляваць прапановы, якія паступаюць ад органаў дзяржкіравання, ад рэгіянальных і мясцовых уладаў, ад прадстаўнікоў бізнеса і грамадзянаў па рэалізацыі дырэктывы”, – адзначыў падчас прэс-канферэнцыі намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур.

Па яго словах, падрыхтаваныя спецыяльныя формы, па якіх можна дасылаць прапановы. Таксама вызначаюцца тэрміны і адказнасць за выкананне мерапрыемстваў.

“У мерапрыемствах вызначаецца, што трэба змяніць, адмяніць у заканадаўстве, каб дырэктыва рэалізавалася”, – паведаміў намеснік міністра.

Спадар Тур запэўніў, што з выхадам дырэктывы адкат і адступленне ўлады ад лібералізацыі стаў немагчымым.

Як паведамляла раней Еўрарадыё, 31 снежня кіраўнік краіны падпісаў дырэктыву №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”. Мяркуецца, што дакумент накіраваны на “далейшую лібералізацыю эканомікі”.