“Турэцкім авіялініям” не дазваляюць лётаць у Беларусі

Беларускіх турыстаў, якія сабраліся ляцець у Анталію на “Турэцкіх авіялініях” з аэрапорту “Мінск-2”, павезлі на аўтобусах у Маскву. Рэйс з беларускай сталіцы адмянілі. Па краіне адразу папаўзлі чуткі, што чартэрных рэйсаў на Анталійскае ўзбярэжжа з Беларусі не будзе.
Факт таго, што 27 красавіка беларусы паляцелі на турэцкі курорт праз Маскву, пацвердзілі і ў турыстычным агенцтве “Пегас-турыстык”, якое арганізоўвала гэты рэйс:

Пасажыры, якія мусілі вылецець 27 красавіка на Анталію рэйсавым самалётам, з Мінска не вылецелі, а вылецелі з Масквы”.

У беларускім прадстаўніцтве “Пегас-турыстык” таксама паабяцалі, што ў бліжэйшы час праблема з турэцкімі чартэрнымі рэйсамі будзе вырашаная:

Мы “Белавія” не лётаем. Мы лётаем “Турэцкімі авіялініямі”. Пытанне наконт гэтых самалётаў вырашыцца ў бліжэйшыя двое сутак”.

Праўда, на чыю карысць вырашыцца гэтае пытанне, яшчэ не вядома. “Пегас-турыстык” — самы вялікі ў Турцыі аператар. І пакеты іх самыя танныя.

Сёння ў Турцыю на “Турэцкіх авіялініях” вылецець з Мінска нельга — толькі з Масквы. Квіток адтуль каштуе амаль на 200 долараў менш, чым з Мінску. Беларускія рэйсы ажыццяўляюцца звычайна на “Ту-154”, турэцкія, з Масквы, — на боінгах і “Іл-86”. Адсюль і розніца ў коштах.

Вось, напрыклад, што нам сказалі ў агенцтве “Топ-тур”:

Ну, напрыклад, заезд 1 чэрвеня. Вылет з Мінска на Анталію. Трохзоркавы гатэль на 11 начэй пачынаецца кошт ад 644 долараў, максімум – 721 долар на аднаго чалавека. З Масквы прапаноўваецца мінімум 453, максімум – 522 долары”.

Аднак чуткі, што з Мінска ў Турцыю на чартэрных рэйсах увогуле выехаць будзе немагчыма, не пацвердзіліся. “Белавія” адкрыла чартэрныя рэйсы 28 красавіка. Гаворыць дырэктар турагенцтва “Аэрабелсэрвіс” Аляксандр Бурдзейка:

Мы заказваем свае рэйсы ў “Белавіа”. 28 красавіка паляцеў першы. 8-га траўня паляціць, 18-га...”

У беларускіх турагенцтвах кажуць, што колькасць прапановаў адпачыць на Анталійскім узбярэжжы сёлета павялічылася, а кошты на адпачынак трымаюцца на адным узроўні. Таму тое, што на беларускі рынак не пусцілі больш таннага турэцкага канкурэнта, нашыя турагенцтвы задавальняе.

У выніку, на гэты момант падчас дзяльбы рынку авіярэйсаў у Турцыю выйграла і сама беларуская дзяржава. “Белавія” захавала манаполію.

Пацярпелі ад гэтага толькі звычайныя турысты. Выбар у іх невялікі: ляцець праз беларускую авіякампанію з Мінска — плаціць больш грошай. Каб зэканоміць, давядзецца ехаць у Маскву.