Турэцкія пратэстоўцы перадалі ўладам спіс патрабаванняў

У першую чаргу яны патрабуюць звольніць паліцэйскіх кіраўнікоў, адказных за празмерны гвалт падчас разгонаў дэманстрацый, інфармуе ВВС. Акрамя таго, пратэстоўцы настойваюць на забароне слезацечнага газу, вызваленні затрыманых дэманстрантаў і пераглядзе планаў улады па рэканструкцыі парку Гезі.



У аўторак віцэ-прэм'ер прынёс прабачэнні маніфестантам, пацярпелым падчас разгону акцый пратэсту. Ён назваў пратэст дэманстрантаў "справядлівым і легітымным". Празмерны гвалт паліцыі чыноўнік ацаніў як памылковы.



Дарэчы, напярэдадні да акцый пратэсту далучыліся буйныя прафсаюзныя рухі Турцыі. Бастуючыя работнікі прайшліся маршам па Стамбуле, патрабуючы адстаўкі прэм'ер-міністра Эрдагана. Такая ж акцыя адбылася ў Анкары. Паліцыя ў абодвух выпадках ужыла супраць пратэстоўцаў слезацечны газ і вадамёты.



Па звестках Турэцкай асацыяцыі правоў чалавека, падчас сутычак, якія працягваюцца ўжо шэсць дзён, былі параненыя каля 3000 пратэстоўцаў.



Фота — ria.ru