Тяни-Толкай: Цяпер поп-зоркі стануць сумленнымі

З 5 верасня пачынае дзейнічаць новая рэдакцыя закона “Аб рэкламе”, паводле якога артысты цяпер мусяць пазначаць на афішах, працуюць яны жыўцом ці выкарыстоўваюць фанаграму.
Журналісты Еўрарадыё накіраваліся ў горад і паглядзелі, што цяпер пішуць на тумбах з музычнымі анонсамі, звярнуліся да мінчукоў і поп-музыкаў, якія час ад часу змушаныя пець пад фанаграму, каб дазнацца, што тыя думаюць пра новаўвядзенні. Выявілася, што 80 % афішаў мае надпіс “Жывы гук”. У рокераў кшталту “Алиса” і фінкі Тар'і Турунен (былая вакалістка Nightwish) гэты тэкст пазначаны вялікімі літарамі і завярстаны ў афішны дызайн. У некаторых выканаўцаў словы “жывы гук” налепленыя разам з інфармацыяй пра нумар гастрольнага пасведчання. Пазнаць фанаграмшчыкаў па афішах складана – на іх звычайна пра “жывасць” ці “фанернасць” гуку нічога нават не ўзгадваецца.

Кажуць, што ініцыятарамі зменаў закону сталі незадаволеныя грамадзяне. Еўрарадыё апытала людзей на вуліцах, каб дазнацца, ці важна для людзей, якім чынам працуе выканаўца.
- Для мяне важна музыка, а не шоў, таму я не хачу плаціць за фанаграму. Я хаджу толькі на жывыя канцэрты.
- Я не разбіраюся, фанаграма ці не. Галоўнае, каб мне падабаўся спявак.
- Наведваю канцэрты дзеля шоў і станоўчых эмоцый, таму мне ўсё роўна.

А што думаюць самі музыкі? Для большасці, як для Паўла Клышэўскага з “Тяни-Толкай”. гэтая інфармацыя стала сюрпрызам, пра які паведаміла журналістка Еўрарадыё. Аднак сюрпрызам прыемным.

Клышэўскі: Гэта добра, бо ўсе пачнуць жыўцом спяваць. У нас, каб граць жыўцом, няма ўмоваў, а каб спяваць – з гэтым праблемаў няма. Калі няма на месцы адпаведнага апарата, яго можна з сабой прывезці. Але ў больш-менш буйным горадзе добрыя ўзмацняльныя калонкі для голасу звычайна ёсць.

Ганна Шаркунова таксама ўзрадаваная тым, што краіна будзе ведаць фанаграмшчыкаў, аднак разыходзіцца з Клышэўскім у думцы пра гукавыя магчымасці беларускіх канцэртных пляцовак.

Шаркунова: Практычна нідзе няма нічога, каб нармальна выступаць. Добра, калі на месцах ёсць стойкі і пюпітры для музыкаў. Таму я набыла сабе мікрафон і заўжды важу яго з сабой. І шчаслівая, бо ведаю, што нават калі там нічога не будзе, мікрафон у мяне ёсць.

Спявачка зазначае, што калі заўсёды вазіць з сабой музыкаў і тэхнікаў, якія б наладжвалі гук, канцэрты робяцца нерэнтабельнымі.

Уладзімір Пугач з поп-рок гурта “J:МОРС” кажа, што магчымасць зладзіць нармальны выступ залежыць не ад пляцоўкі, а ад таго, наколькі артыст запатрабаваны.

Пугач: У нас за плячыма тры туры па краіне. І гэта мана, што немагчыма зрабіць жывы канцэрт. Можна, і заўсёды было можна. Мы выступаем толькі жыўцом, а выключэнні – хіба тэлевізійныя здымкі, дый тое для тых каналаў, якія не могуць запісваць сігнал жывога гука.

Таму Уладзімір Пугач падтрымлівае гэтую ініцыятыву і лічыць, што спажывец мае права ведаць, за што плаціць грошы.