У Аршанскім раёне загадчыца замовіла... крадзеж са сваёй крамы

Да 2 гадоў абмежавання волі прысудзілі загадчыцу сельскай крамы з вёскі Шыбекі Аршанскага раёна. Жанчына не менш як два гады абкрадвала краму, у якой працавала. Часам рэвізоры выкрывалі недахоп, і ёй даводзілася сплочваць страты. Але аднойчы кабета нацягала грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў ажно на два з паловай мільёны і вырашыла, што гэта занадта вялікая сума, каб потым яе вяртаць. Таму яна наняла аднавяскоўца, каб той імітаваў крадзеж.

Мужчына атрымаў за добра выкананае заданне грошы і прадукты на 500 тысяч рублёў. Крадзеж ён імітаваў вельмі натуральна - разабраў дах і нават пакінуў “сляды” міфічных злодзеяў. Але праваахоўныя органы да праўды ўсё ж дакапаліся. Мужчына пакараны не будзе, бо нічога так і не скраў.

Дарэчы, гэта не першы такі выпадак на Аршаншчыне. У мінулым годзе была асуджана касірка аднаго з вясковых аддзяленняў банка, якая, накраўшы грошай на 19 мільёнаў, разбіла сабе лоб аб сцяну і паведаміла ў міліцыю, што на яе напалі невядомыя і абрабавалі.