У Астраўцы аштрафавалі літоўца, які “мініраваў” краму

Суд Астравецкага раёна аштрафаваў непаўналетняга юнака з Літвы. Ён пакараны за “заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы”.
Нагадаем, 9 красавіка ашмянскім мытнікам патэлефанаваў невядомы і паведаміў пра замініраванне крамы бяспошліннага гандлю, размешчанай у пункце пропуску “Катлоўка”.

“Тэрарыст” запатрабаваў 1 мільён рублёў за тое, каб выбуховае прыстасаванне не ўзарвалася. Крама была ачэпленая, з яе эвакуіравалі людзей, аднак выбухоўкі сапёры не знайшлі.

Праз 4 гадзіны былі затрыманыя трое непаўналетніх грамадзянаў Літвы, якія знаходзіліся на адпачынку ў сваякоў у Астравецкім раёне, і мелі дачыненне да здарэння.

Высветлілася, што паведамленне пра “замініраванне” было зробленае “па прыколу”. Сума штрафу, які мусіць заплаціць 16-гадовы юнак, невядомая.