У Астравецкім раёне патрабуюць спыніць рэпрэсіі адносна ўдзельнікаў Плошчы
З адкрытым лістом да генеральнага пракурора Беларусі, да Цэнтрвыбаркаму і кіраўнікоў еўрапейскіх структураў і СМІ звярнуўся астравецкі актывіст Іван Крук.
Пад гэтым лістом падпісаліся яшчэ 49 жыхароў раёну, паведамляе Радыё Свабода.
У лісце прыводзяцца факты парушэнняў выбарчага заканадаўства пад час прэзідэнцкіх выбараў з боку ўладаў і гучыць патрабаванне спыніць рэпрэсіі адносна ўдзельнікаў падзей 19 снежня ў Мінску.
Жыхары Астравецкага раёна, якія падпісаліся пад лістом, патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных, пакараць прадстаўнікоў сілавога блоку ўлады за перавышэнне паўнамоцтваў 19 снежня і адправіць у адстаўку ўвесь склад ЦВК на чале з Лідзіяй Ярмошынай.
Таксама яны просяць кіраўнікоў Еўрапейскага саюза дадаткова ўключыць у "чорны спіс" неўязных усіх старшыняў участковых выбарчых камісій і кіраўнікоў раённых і абласных органаў выканаўчай улады Беларусі.