У Бабруйску хлопец правяраў балончык і пырснуў бабулі ў твар

19-гадовы жыхар Бабруйска пырснуў з газавага балончыка ў твар 77-гадовай жанчыны. Напярэдадні ён яго купіў, каб "адпалохваць бадзяжных сабак", ды вырашыў праверыць. Аб'ектам для праверкі зламыснік выбраў бабулю, якую сустрэў на вуліцы. Пераканаўшыся, што балончык працуе, ён уцёк.

Як інфармуе газета "Комсомольская правда в Беларуси", праз некалькі гадзін хулігана затрымалі — міліцыянерам дапамаглі выпадковыя прахожыя, якія апісалі знешнасць хлопца. Гэтыя ж людзі аказалі дапамогу і пацярпелай. У яе, дарэчы, апёк рагавіцы вачэй.

У адносінах жыхара Бабруйска распачалі крымінальную справу па артыкуле "Асабліва злоснае хуліганства", прызначаныя экспертызы (у тым ліку і псіхолага-псіхіятрычная). Хулігану пагражае 10 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: Мінск-навіны