Жанчына спрабавала абмяняць 1 фальшывы долар, яе затрымалі
Здарэнне адбылося ў Баранавічах.
Як паведамляе прэс-служба Брэсцкай абласной міліцыі, 49-гадовую мясцовую жыхарку затрымалі міліцыянты 12 верасня. У філіяле "Беларусбанку" яна спрабавала здаць у абменнік купюру ў 1 долар ЗША. Банкнота выраблена кропельна-струйным друкам.
Затрыманая не змагла патлумачыць, дзе набыла купюру. Яна сцвярджае, што пра падробку не ведала.
За захоўванне падробленых грошай з мэтай збыту была распачатая крымінальная справа. Максімальнае пакаранне за гэта — да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.