У Баранавічах выявілі "рэкардсмена" па парушэннях ПДР

"Рэкардсменам" прызнаны 28-гадовы мужчына, які ў перыяд з 2008 па 2010 год 24 разы прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці.

Часцей за ўсё яго штрафавалі за адсутнасць правоў — 10 разоў (дарэчы, іх у парушальніка ніколі і не было), тры разы ён трапляўся на вочы інспектарам за  рулём нападпітку.

"З агульнай сумы штрафаў ён заплаціў максімум 30%. Мы ўвесь час накіроўваем у суд дакументы на спагнанне штрафаў, але нам прыходзяць адказы, што ўзяць у гэтага чалавека няма чаго", — расказаў intex-press старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Баранавіцкага РАУС Аляксандр Яўцюхін.

Зрэшты, штосьці ў парушальніка ўсё ж такі ўзялі: раней у яго канфіскавалі чатыры аўтамабілі, якія цяпер стаяць на штрафстаянцы.