У Барысаве чыноўніцы перад кожнымі выбарамі змагаюцца з С. Салашам

Позву ў суд чакае барысаўскі актывіст дэмакратычнага руху, кандыдат ад АДС на выбары ў Палату прадстаўнікоў Сяргей Салаш. Яго абвінавацілі ў паклёпе намесніца старшыні Барысаўскага райвыканкама Валянціна Шутко і сакратарка гарадской акруговай камісіі Таццяна Стасава.  Салаш, паводле пратаколу, нібыта, назваў іх "фальсіфікатарамі выбараў". Пікантнасць сітуацыі ў тым, што згаданыя чыноўніцы традыцыйна перад выбарамі зацята, але няўдала спрабуюць прыцягнуць Салаша да адказнасці.

Вось што кажа Сяргей Салаш у інтэрв'ю Еўрарадыё:

"Яны не першы раз спрабуюць мяне прыцягнуць да адказнасці. І звычайна гэта адбываецца падчас рэгістрацыі мяне, як будучага кандыдата, бо я балатаваўся і ў 2003 годзе на мясцовых выбарах, і ў 2004 годзе на парламенцкіх".

Тыя выпадкі не знайшлі пацверджання, але дэмакратычнаму кандыдату нервы папсавалі.

Сяргей Салаш: "Позвы я атрымоўваў, тлумачэнні даваў, час губляў, нервы рваў. Зараз сітуацыя паўтараецца. Толькі тут яна больш езуіцкая".

Паводле словаў Салаша, нібыта, знайшліся двое сведкаў-супрацоўнікаў райвыканкаму, якія гатовыя сведчыць супраць яго. Суд можа адбыцца ўжо праз некалькі дзён. Дарэчы, пакуль невядома, ці будзе Салаш зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты.