У Беларусі будуць уведзеныя нормы праектавання, ідэнтычныя еўрапейскім

У будаўнічай галіне Беларусі распрацаваныя і рыхтуюцца да ўвядзення асноватворныя нормы праектавання ў адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрасаюза. Пра гэта паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Селязнёў, перадае БЕЛТА. Паводле яго слоў, новыя нормы пачнуць дзейнічаць з пачатку наступнага года. Гаворка ідзе аб праектаванні жалезабетонных, металічных, драўляных канструкцый, падмуркаў, будынкаў і розных комплексаў.

Уводзяцца таксама нормы пажарнай бяспекі, якія адпавядаюць еўрапейскім. Такі пераход запатрабуе істотных выдаткаў і часу на пераабсталяванне прадпрыемстваў, якія выпускаюць будматэрыялы, а таксама выпрабавальных цэнтраў і лабараторый.

Па досведзе ЕС, на гэта неабходна 5 гадоў і больш. Але ж па словах міністра, Беларусь ставіць задачу вырашыць пытанні за год-два.