У Беларусі малодшых школьнікаў будуць навучаць шахматам

У Беларусі малодшых школьнікаў будуць навучаць шахматам

Вучняў малодшых класаў у Беларусі будуць вучыць гуляць у шахматы. Пра гэта БЕЛТА паведаміў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык падчас старту рэспубліканскай акцыі “Шахматы ў школе”.

Па словах чыноўніка, пасля сустрэчы кіраўніка Беларусі з прэзідэнтам Міжнароднай шахматнай асацыяцыі Кірсанам Ілюмжынавым было прапанавана шырока ўвесці шахматы ў агульнаадукацыйныя школы. Падрыхтавана 440 педагогаў, якія будуць навучаць школьнікаў 1-4 класаў шахматам. Таксама вызначаныя ўстановы адукацыі, дзе будзе ўкараняцца адпаведны факультатыў.

Праграмы разлічаныя на 29 гадзінаў у навучальны год. Далей, пасля авалодвання навыкамі гульні ў шахматы, дзеці, як мяркуецца, будуць свядома ісці ў спецыялізаваныя ўстановы адукацыі і ўдасканальваць майстэрства.

Віктар Якжык спасылаецца на педагагічную і псіхалагічную навуку, якія даказваюць станоўчы ўплыў заняткаў шахматамі на дзяцей — гэта гульня вучыць іх асцярожнасці і разліку і разам з тым — напору і ўменню рызыкаваць.

Рэспубліканская акцыя “Шахматы ў школе” стартавала сёння ў сталічнай школе № 24. У Мінск прыехалі прадстаўнікі ўстановаў адукацыі з усіх абласцей, каб атрымаць камплекты для шахматных класаў. Болей за 300 набораў для школ набылі Мінспорту, Нацыянальны алімпійскі камітэт і Прэзідэнцкі спартовы клуб.