У Беларусі пачалася рэгістрацыя абітурыентаў для сумоўя

Рэгістрацыя абітурыентаў, якія жадаюць прайсці сумоўе, днямі пачалася ў Беларусі. У заяве маладым людзям трэба адзначыць свае пашпартныя звесткі, навучальную ўстанову, якую яны скончылі, а таксама спецыяльнасць, на якую збіраюцца паступаць.

У красавіку ў дзяржаўных і прыватных ВНУ нашай краіны будзе праводзіцца сумоўе на факультэтах, дзе здзяйсняецца набор на пэўныя спецыяльнасці - "дзяржаўнае кіраванне", "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "міжнародныя адносіны", "журналістыка" ды інш.

Як паведаміў БЕЛТА міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, пасля рэгістрацыі ў Мінюсце распрацаванае Палажэнне аб правядзенні абавязковага сумоўя пры паступленні на пэўныя спецыяльнасці будзе накіравана ў ВНУ краіны.

Пасля заканчэння сумоўя кожны абітурыент атрымае рэкамендацыю, дзе будзе пазначана, можа ці не можа ён паступаць на абраную спецыяльнасць.