У Беларусі пачалася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне
2 траўня ў Беларусі пачалася рэгістрацыя для ўдзелу ў асноўным этапе цэнтралізаванага тэставання. Яна працягнецца па 1 чэрвеня, інфармуе БЕЛТА.
Для рэгістрацыі абітурыентам трэба прад'явіць дакумент, які сведчыць асобу, падаць заяву на адной з дзяржаўных моваў Беларусі, аплаціць прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ — 2,3 рубля (0,1 базавай велічыні) за адзін навучальны прадмет. Калі абітурыент не можы прыбыць у пункт рэгістрацыі з паважных прычынаў, то дакументы за яго могуць падаць законныя прадстаўнікі непаўналетніх абітурыентаў або прадстаўнікі, якія дзейнічаюць на падставе даверанасці.
Сёлета можна зарэгістравацца для ЦТ па чатырох навучальных прадметах. Калі абітурыент паспрабуе зарэгістравацца больш чым па чатырох прадметах, яго дапусцяць да ўдзелу толькі па чатырох першых прадметах, якія ідуць у графіку ЦТ, на якія ён зарэгістраваўся.
ЦТ па беларускай мове пройдзе 12 чэрвеня, рускай мове — 14 чэрвеня, грамадазнаўстве — 16 чэрвеня, матэматыцы — 18 чэрвеня, біялогіі — 20 чэрвеня, замежнай мове (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — 22 чэрвеня, хіміі — 24 чэрвеня, фізіцы — 26 чэрвеня, гісторыі Беларусі — 28 чэрвеня, геаграфіі — 30 чэрвеня, сусветнай гісторыі (найноўшы час) — 2 ліпеня. Цэнтралізаваныя тэсты будуць пачынацца а 11-й гадзіне, у тым ліку ў рэзервовыя дні.
Зарэгістравацца для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна будзе з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.
Атрымаць сертыфікаты абітурыенты змогуць у пунктах правядзення ЦТ з 10 ліпеня, у БДУ (рэзервовыя дні) — з 13 ліпеня. Інфармацыю пра пункты рэгістрацыі ЦТ можна пабачыць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.