У Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах

З сённяшняга дня пачалося датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Як паведамляе БЕЛТА, у 10 гадзін па ўсёй краіне адкрыюцца ўчасткі для галасавання. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе на працягу пяці дзён - з 20 па 24 красавіка. Выбарцы могуць прыйсці на ўчастак з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзінаў.

Дарэчы, як заявіў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, пасля зменаў у заканадаўстве кантроль за датэрміновым галасаваннем будзе больш пільным. Так, у першы дзень датэрміновага галасавання выбаркамы мусяць апячатаць выбарчыя скрыні ў прысутнасці кворуму з дзвюх трацінаў складу камісіі (раней гэтую працэдуру маглі здзяйсняць два чальца камісіі).

У памяшканні, дзе праходзіць галасаванне, кожны дзень вывешваюцца абноўленыя пратаколы з інфармацыяй пра колькасць грамадзян, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаванні.