У Беларусі пачаўся прыём заявак на ўдзел у Еўрабачанні
Белтэлерадыёкампанія пачала прыём заявак на ўдзел у адборы на Еўрабачанне-2011.
Даслаць сваю песню музыкі і кампазітары змогуць да 21 лютага. Па словах намесніка старшыні кампаніі Аляксандра Мартыненкі, паспрабаваць выступіць на еўрапейскім музычным конкурсе ад Беларусі можа абсалютна кожны.
Аляксандр Мартыненка: "Удзельнічаць у адборачным туры можа кожны хто пажадае, але пісаць песні, ці працаваць асобна з артыстамі мы не будзем. Няхай яны самі гэтым займаюцца і нам дасылаюць заяўкі, свае музычныя матэрыялы".
Свае матэрыялы трэба дасылаць каштоўнай бандэроллю на адрас "Белтэлерадыёкампаніі" з пазнакай "Конкурс песні "Еўрабачанне-2011". У бандэролі мусіць знаходзіцца CD ці DVD з конкурснай песняй, запоўненая анкета выканаўцы, тэкст песні на беларускай ці рускай ды на англійскай мовах, ды пацверджанне правоў на выкарыстанне песні.
Асобным пунктам палажэння стаіць, што ўсе выдаткі, звязаныя з удзелам у адборы, ляжаць на саміх канкурсантах. Каб ацаніць прэтэндэнтаў, якія падалі заяўкі, арганізатары складуць адмысловыя фокус-групы, якія не пазней за 1-га сакавіка вызначаць прадстаўніка ад Беларусі на "Еўрабачанні".
Нагадаем, што гэтым разам фінал конкурсу будзе праходзіць 14 траўня ў Дзюсельдорфе, паўфіналы адбудуцца 10-га ды 12 траўня. Дарэчы, паводле лёсавання, беларускі прадстаўнік выступіць ў другім паўфінале.
Як раней паведамляла Еўрарадыё, сербскі спявак і кампазітар Жэлька Яксімавіч заявіў, што піша песню для Ірыны Дарафеевай, з якой яна паедзе на Еўрабачанне.
"На ўчорашняй сустрэчы іх дэлегацыі прэзідэнт Лукашэнка выказаў задавальненне тым, што некалькіх месяцаў перамоў са мной і маімі людзьмі завяршыліся поспехам. Я рады такому запрашэнню", – казаў Яксімавіч у інтэрв’ю сербскаму парталу Blic.
Аднак сама спявачка як і Аляксандр Мартыненка інфармацыю не пацвердзілі.