У Беларусі рэпрэсавана каля 3 тысяч чалавек – Ігар Рынкевіч

Каля трох тысяч чалавек былі рэпрэсаваныя ў Беларусі за апошняе дзесяцігоддзе. Пра гэта паведаміў праваабаронца Ігар Рынкевіч, сябра аргкамітэту па стварэнні грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій.  У інтэрв’ю “Еўрарадыё” Рынкевіч падкрэсліў, што гэта папярэдняя лічба:

“Кропкай адліку мы лічым рэферэндум 1996 года. Толькі тое, што адбылося ў 2006 годзе падчас прэзідэнцкай кампаніі – гэта значна больш за тысячу чалавек”.

Аднак рэпрэсіі былі і да 1996 года, таму спіс можа значна папоўніцца.

Паводле словаў Рынкевіча, у базу рэпрэсаваных, якая зараз ствараецца, уключаныя тыя, хто за свае перакананні былі прыцягнуты да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, хто “за палітыку” быў звольнены з працы ці адлічаны з вучобы.

У будучым гэтыя людзі змогуць дамагчыся рэабілітацыі, перакананы Ігар Рынкевіч. Яны нават змогуць прэтэндаваць на атрыманне кампенсацыі за маральную шкоду.

Таксама мяркуецца, што будзе створаная “шэрая кніга”, у якую ўвойдуць усе тыя, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях супраць грамадзян.

“Мы хочам супрацьдзейнічаць гэтым рэпрэсіям, таму што яны не спыняюцца. Гэты канвеер судоў і затрыманняў працягваецца”
, сказаў праваабаронца ў інтэрв’ю “Еўрарадыё” .