У Беларусі затрымалі яшчэ дзве групы браканьераў з Расіі
Іх злавілі ў радыеактыўнай зоне ў Добрушскім раёне.
У радыеактыўнай зоне ў Добрушскім раёне затрымалі дзве групы браканьераў. Усе чацвёра мужчын — расійскія грамадзяне. У іх канфіскаваныя чатыры паляўнічыя стрэльбы, адна з якіх аказалася незарэгістраванай. Вырашаецца пытанне аб распачацці крымінальнай справы па артыкуле “незаконнае паляванне на тэрыторыі, якая падверглася радыеактыўнаму забруджванню”, інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, перад Новым годам у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці была затрымана група з 11 паляўнічых-нелегалаў з Расіі. Яны таксама палявалі ў зоне адчужэння і адсялення. Прыехалі ў Беларусь на машынах і конях, збіраліся арганізаваць загоннае паляванне, каб напярэдадні навагодніх святаў назапасіць дзічыны.