У Беларусі зноў пачалі заводзіць справы за ўвоз аўтамабіляў

Следчае ўпраўленне УУС Гродзенскага аблвыканкама пачало крымінальную справу на жыхара Мінска, які ў 2006-2007 гадах прывёз у Беларусь 14 легкавых аўтамабіляў. Мінчука вінавацяць адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — ухіленне ад выплаты мытных плацяжоў і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, спалучаная з атрыманнем прыбытку ў асабліва буйным памеры.

Паводле папярэдніх звестак, у 2006-2007 гадах праз пункт мытнага афармлення "Беняконі" мужчына прыгнаў на тэрыторыю краіны 14 легкавых аўтамашын без належнага мытнага афармлення, атрымаўшы прыбытак у памеры 100 млн рублёў.

Дарэчы, раней у Беларусі былі вельмі шырока распаўсюджаныя "шэрыя" схемы ўвозу ў краіну аўтамабіляў, у тым ліку і афіцыйнымі дылерамі вядомых аўтамабільных марак. Парадак у гэтай сферы, як адзначае "Ежедневник", удалося навесці не столькі масавымі крымінальнымі справамі, колькі ўдасканаленнем заканадаўства. З 1 студзеня 2010 года, у сувязі з уніфікацыяй мытных пошлінаў Расіі, Беларусі і Казахстана ў рамках Мытнага саюза, можа ўсё пачацца наноў.