У Беларусі зрабілі другую аперацыю па перасадцы сэрца

Другую аперацыю па перасадцы сэрца зрабілі ў Беларусі. Пра гэта агенцтву "Інтэрфакс" паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра (РНПЦ) "Кардыялогія" Аляксандр Мрочак. Сэрца перасаджана 55-гадоваму мужчыну. Ён пакутаваў на цяжкое захворванне — дылатацыйную кардыямеапатыю.

Нагадаем, што першая аперацыя па трансплантацыі сэрца была праведзеная ў Беларусі 11 лютага 2009 года. Сэрца перасадзілі 36-гадовай жыхарцы Беларусі. У аперацыі прымалі ўдзел вядучыя кардыяхірургі і анестэзіёлагі цэнтра. Усяго было задзейнічана каля 20 спецыялістаў.

Дарэчы, 27 сакавіка жанчыну выпісваюць з РНПЦ "Кардыялогія" і накіроўваюць у Рэспубліканскую лякарню рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне пад Мінскам. Як паведамляюць дактары, жанчына пачуваецца нармальна.