У Бішкеку беларускі амбасадар сустрэўся з пікетоўцамі

Паводле інфармацыі кіргізскіх СМІ, пікетоўцы патрабуюць ад Беларусі выдаць зрынутага прэзідэнта Курманбека Бакіева, які з 19 красавіка знаходзіцца ў Мінску.
Як паведаміў БелаПАНу прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, чарговы пікет адбыўся 27 красавіка. Па словах дыпламата, супрацоўнікі амбасады выходзяць на кантакт з пікетчыкамі і тлумачаць ім, што беларускі бок зацікаўлены ў нармалізацыі становішча ў Кыргызстане.

Як інфармуе Радыё "Свабода", пасол Беларусі ў Кыргызстане Віктар Дзенісенка быў вымушаны згадзіцца на сустрэчу з пікетоўцамі. Ён прыняў 10 дэлегатаў. Падчас сустрэчы ў амбасадзе пасол заявіў, што пытанне Бакіева павінна вырашацца на міжнародным узроўні з удзелам АБСЕ. Ён паведаміў, што перамовы паміж уладамі Беларусі і Кыргызстану працягваюцца.