У Брэсце пісьменнікі ў 30-ы раз запалілі “Берасцейскае вогнішча”

Яшчэ за часамі першага кіраўніка, партызана, прафесара і літаратара Ўладзіміра Калесніка яе называлі “Берасцейскім вогнішчам”.

Быў паказаны дакументальны фільм з рэдкімі кадрамі пра Ўладзіміра Калесніка, Ніну Мацяш. Таксама адбылася прэзентацыя трэцяга нумара “фірменнага” штогадовіка “Жырандоля”, дзе надрукаваліся каля паўсотні аўтараў.

Гэтым разам пад рубрыкай “Пераклады”  надрукаваліся па-беларуску спрэс валынскія аўтары. У зале вітальнае слова ад Валынскай пісьменніцкай арганізацыі прамовіла яе старшыня Ніна Горык.

Сход вітаў Алесь Разанаў, які давучваўся “пад крылом” Уладзіміра Калесніка пасля выключэння “за нацыяналізм” з  Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч агучыў ідэю развіць плён супрацы брэсцкіх і валынскіх пісьменнікаў у міжнародны літаратурны фестываль, і паколькі і ў Беларусі, і ва Украіне ёсць знакавае возера Свіцязь, дык і спаткацца летам на памежнай Свіцязі.

Спадар Пашкевіч уручыў пасведчанні двум новым сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў.