У Брэсце працуе Сцяна Праўды, дзе вывешваецца крытыка ўладаў

Плот, з якога гаспадар учыніў нейкі заменнік СМІ і які называе “Сцяной Праўды” разам з домам і падворкам толькі нядаўна ўвайшоў у межы Брэста. Гаспадар — Міхаіл Лукашэвіч, былы інжынер-электрык. Раней гэта была вёска Вычулкі, дзе “скорабагатыя” беларусы, а раней партнаменклатура, будавалі сабе фазэнды. Сцяна Праўды выстаяла і ў такім атачэнні.  — Прыязджалі тут і санстанцыя,  і пажарныя, і міліцыя на “буханцы”, – распавядае карэспандэнту Еўрарадыё сусед Лукашэвіча, корпаючыся на градах з маладой жонкай. — Паздзіралі ягоныя планшэты, але ён іх балтамі прыкруціў. Ён з уладамі з самай “перабудовы” на нажах. Псіхам яго запісалі. Чалавек ён цікавы, канечне. Пагаварыць з ім можна.

Над домам Лукашэвіча — хітрамудрая антэна. Няйначай, гаспадар слухае варожыя “галасы”! Неўзабаве выйшаў і ён сам, каб пагутарыць з карэспандэнтам Еўрарадыё.



Еўрарадыё: Ці не зашмат палітыкі ў вашых тэкстах?
М.Лукашэвіч: Мяне цікавіць сэнс, а не абгортка. А што да плакатаў — дом гэта мой, зямля мая. А хіба няпраўда напісана? Вось гэта — дакладная цытата з перадвыбарнага выступлення Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, калі ён яшчэ не быў прэзідэнтам! Ні адняў, ні дадаў — слова ў слова!
Еўрарадыё: Я бачу, некаторыя плакаты абпаленыя?
М.Лукашэвіч: Так, бульдозерам абрывалі, палілі, але мая верх узяла.



Міхаіл Лукашэвіч афіцыйна нідзе не працуе. За часамі СССР ён пісаў скаргі і ездзіў у Маскву скардзіцца ў французскую амбасаду. У Маскве яго і забралі ў “псіхушку”, дзе гвалтам уводзілі псіхатропныя прэпараты.  

– Аміназон, цыкладон, галаперыдол, – распавядае Лукашэвіч. — Цыкладон — гэта страшная нарката, ледзь адыйшоў ад залежнасці. А вось даведка ад незалежнай псіхіятрычнай экспертызы, яе мне выдалі на пачатку 1990-х. “Грамадзянін Лукашэвіч не хварэе псіхічнымі захворваннямі і не хварэў раней”.

М.Лукашэвіч паказаў карэспандэнту Еўрарадыё і публікацыі ў часопісе “Крыніца”, у мясцовай газеце. Журналісты апісваюць пакручасты лёс Лукашэвіча ў незалежніцкія ўжо часы. Працаваў максімум паўгода — даведваліся пра маскоўскі след і звальнялі. Аднаўляўся праз суд, але пасля эн-нага разу болей не стаў. Прыладкаваўся выжываць сам.            

— Жыву не горш за іншых, — кажа Міхаіл Лукашэвіч. — Вось мой сын, яшчэ вучыцца. Можаце на падворак зайсці грушы ў мяне добрыя, яблыкі. А мянтоў трох нядаўна папярэдзіў: на маёй зямлі не сваволіць!

Карэспандэнт Еўрарадыё патэлефанаваў у Маскоўскі РАУС Брэста і запытаўся, як ставіцца міліцыя да Лукашэвіча.

Прадстаўнік РАЎС Юрый Сцепусюк: Лукашэвіч? З Вычулак? Не, там усё у парадку. Мае права. Плакаты не заклікаюць да рэвалюцыйных зменаў. Проста канстатуюць факт. Нам там рабіць няма чаго.

Цікава, што было б, каб Лукашэвіч напісаў “Жыве Беларусь”?