У Брэсце праходзіць выстава беларуска-нямецкай мастачкі
Марыяна Лапо агулам пражыла ў Нямеччыне 12 гадоў. Яе жывапіс тоесны жыццяпісу.
Акварэлі выкладчыцы Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта выстаўленыя ў Мастацкім музеі.
Матывы кветкавыя, але мільгае і нечаканае, часам выразна нетутэйшае. У карціне “Выток струменя” адчуваецца светаўспрыманне Хэхельмана. Матывы Гофмана адчуваюцца ў працы “Казачнае”.
Марыяна Лапо тлумачыць гэта так:
— На мяне вялікі ўплыў аказаў мой побыт у Нямеччыне. Дзесьці і менталітэт памяняўся. Я ўдзячная лёсу за тое, што мне далася такая магчымасць.
Наагул немцы больш музыкі. Так, ім падабаецца жывапіс, але музыка… Там іграюць усе. Хто на губным гармоніку, хто на жалейцы (Blockflöte). Дзеці ходзяць у гурткі. Гэта модна.
Спадарыня Лапо пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта вучылася на аддзяленні жывапісу педагагічнага інстытута ў Вайнгартэне. У Нямеччыне мела тры паспяховыя выставы. Два гады таму вярнулася ў Беларусь.
Выстава “Лірыка колеру” будзе чынная да 26 сакавіка.



