У Брэсце студэнт сам сябе размеркаваў пасля заканчэння ВНУ

Для гэтага ён стварыў сваю фірму і накіраваў запыт ва ўніверсітэт
У Брэсце Аляксандр Пархомаў жыве ўжо сем гадоў. Першыя пяць пайшлі на вучобу ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна. Вось што ён распавёў Еўрарадыё пра сваё навучанне:

"Я закончыў у 2008 годзе фізфак нашага Брэсцкага ўніверсітэта. Размеркаваны быў у прыватнае прадпрыемства, дырэктарам якога з’яўляюся. Сам паслаў запыт ва ўніверсітэт, паколькі дырэктар мае такое права. Перад гэтым быў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся брэсцкай кампутарнай газетай. Гэта запатрабавала стварэння прыватнага прадпрыемства, і я рэарганізаваўся, акурат у лютам 2008 года. Потым з газетай не заладзілася, і я сканцэнтраваўся на наладцы кампутараў".  

Вучыцца і працаваць адначасова натхняў прыклад працалюбаў-столінцаў, кажа Аляксандр. Сваю малую радзіму ён згадвае цёпла.

Аляксандр Пархомаў: "Століншчына — цэнтр Палесся, край агуркоў. Шмат хто там займаецца гэтым бізнэсам. Калі не атрымліваецца дома, едуць столінцы ў Расію, прадаюць насенне, альбо куды ў іншыя месцы Беларусі, дзе апусцелі вёскі. Шукаюць грошы. Бацькі мне адно грашыма дапамагалі, сам вучыўся і працаваў. З першага курсу дык не, а з другога ўжо падпрацоўваў на будоўлі. З трэцяга пачаў займацца кампутарамі".

Каб акрамя кампутара быў выбар паміж школай, Цэнтрам занятасці і фірмовай палескай справай, выбраў бы агуркі, кажа Аляксандр. Яму падабаецца быць свабодным і самадзейным.  

Сваю фірму дырэктар Пархомаў у газетах і на рэкламных шчытах рэкламуе па-беларуску. Аляксандр Пархомаў мяркуе:

"Мы жывем у сваёй краіне, і чаго тут баяцца? Калі ўжо ў нас не прынята размаўляць паміж сабой па-беларуску, то хоць так падтрымліваю беларускую мову. У асноўным, людзі ставяцца добра".  

Спадар Пархомаў кажа, што людзі часта тэлефануюць, таму што рэклама па-беларуску вылучаецца на агульным рускамоўным фоне.



Варта прывесці дадзеныя, прадастаўленыя Еўрарадыё брэсцкім Цэнтрам занятасці насельніцтва. З 2005 года штогод тут рэгіструюцца да 100 выпускнікоў абодвух брэсцкіх універсітэтаў, якія не могуць знайсці працу.  

Але большасць, упэўнены Аляксандр Пархомаў, не рэгіструюцца. Сабе горш: дыпламаваных маладых людзей Цэнтр, як правіла, накіроўвае на перанавучанне працоўным спецыяльнасцям. А “сіні каўнерык” аддаляе ад свабоды прадпрымальніцтва.