У Брэсце ў крамах знікла малако з-за паставак у Расію?

У Брэсце рэзка скарацілася колькасць малака ў крамах. Гараджане раскупляюць нават самае дарагое, якое знаходзяць у продажы. У адміністрацыі фірмы “Прадтавары”, якой належыць адна з самых вялікіх сетак прадуктовых крамаў горада, Еўрарадыё патлумачылі:

"Праблема на заводах. Не даюць нам практычна ніякага малака, толькі 3,3 адсоткі тлустасці ў плёнцы, дый тое ў абмежаванай колькасці".

Вольга Віктараўна, таваразнаўца, якая працуе з малочным асартыментам, сказала ў гутарцы з Еўрарадыё:

"На заводах нам тлумачаць, што няма сыравіны, каб аддаваць у крамы штодня. Ёсць праблема і з вырабам масла. Такі вось кароткі адказ: не хапае сыравіны. Некаторыя кажуць, што ім займацца малаком і пастаўляць яго нерэнтабельна".

Еўрарадыё: "А ў Расію рэнтабельна?"

Вольга Віктараўна: "Шчыра кажучы, некаторыя кажуць, што адпраўляюць на Расію тавар. Неафіцыйна там-сям прагаворваюцца. А нам афіцыйны адказ — няма сыравіны".