У Брэсце з'явіўся першы трасянкамоўны праект (фота)

Мясцовыя гандляры назвалі сваю краму “Свитанок”. У рускай мове слова не існуе. Затое трасянка яго не толькі дапускае, але і вітае.
 “Еўрарадыё” пацікавілася ў адміністрацыі ўніверсама “Свитанок" у мікрараёне “Усход”, хто прыдумаў назву.  Аказваецца, “Свитанок” з 1990-х быў “Світанкам”, але нядаўна шыльду вырашылі перакласці на трасянку.

Дырэктар фірмы Мікалай Цыбульскі патлумачыў: “Я стаў на чале “Світанка”, калі ён ужо паўгода так называўся. Назвалі яго без мяне. Шыльду навошта памянялі? Згодна з Статутам. У Статуце запісана “Свитанок”, так і зрабілі. І ні з чыйго загаду. Мы не будзем глядзець на тое, язык альбо мова, так альбо не так напісана. Назвалі і назвалі. Тое, што было напачатку дзевяностых гадоў, гэта не да мяне".

Даведка Еўрарадыё: першым унармавальнікам трасянкі лічыцца шаноўны Старшыня Вярхоўнага Савету БССР (ад 19 траўня 1990 па 25 жніўня 1991 г.) Мікалай Дземянцей, які сфармуляваў яе асноўны прынцып: «Кто как хаціт, тот так і гаварыт». Дарэчы, у 1990 пад старшынствам Дземянцея Вярхоўны Савет БССР з падачы апазіцыі БНФ прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Шэраг экспертаў сцвярджаюць, што трасянка цэментуе беларускую нацыю і фармуе лад жыцця грамадства.

Фота аўтара