У брэсцкай гімназіі ў школьнікаў скануюць адбіткі пальцаў
20 бацькоў напісалі ліст старшыні гарвыканкама і заяву ў пракуратуру.
У брэсцкай гімназіі №4 у школьнікаў пачалі сканаваць адбіткі пальцаў. Гэта робіцца для новай прапускной сістэмы, усталяванай на ўваходзе, паведамляе tut.by.
Многія бацькі школьнікаў даведаліся пра сканаванне пальцаў толькі пасля самой працэдуры. Незадаволеным бацькам паведамілі, што адбіткі пальцаў іх дзяцей выдаляць з базы.
20 бацькоў, нязгодных з новай сістэмай, напісалі калектыўны ліст старшыні Брэсцкага гарвыканкама. Акрамя таго, яны накіравалі зварот у пракуратуру горада.
Тым часам у адміністрацыі гімназіі кажуць, што турнікет на ўваходзе дазволіць абмежаваць доступ непажаданых асоб у гімназію. Дырэктар Алена Шкулепа кажа, што гэтая сістэма дазволіць, акрамя іншага, дысцыплінаваць навучэнцаў. Пры жаданні бацькі змогуць нават кантраляваць час прыходу і сыходу са школы сваіх дзяцей праз СМС-кі.
Дырэктар зазначыла, што цяпер адбіткі пальцаў у дзяцей скануюць толькі з пісьмовага дазволу бацькоў. Калі бацькі не згодныя, яны могуць набыць для дзіцяці пластыкавую картку за 20 тысяч рублёў. Пры страце новы "пропуск" будзе каштаваць 50 тысяч рублёў.