У брэсцкіх ВНУ 70% студэнтаў - "платнікі"

У абодвух брэсцкіх дзяржаўных універсітэтах каля 70% платных студэнтаў. На дзённым навучанні працэнт платнікаў - 50%, затое завочнае навучанне амаль выключна платнае: у Брэсцкім тэхнічным універсітэце "платнікаў" сёлета 93 %, а ва ўніверсітэце імя Пушкіна - 80%.
Еўрарадыё пацікавілася, што пра гэта думаюць студэнты і выкладчыкі двух універсітэтаў.

Студэнтка: – Не ведаю нават. Напэўна, так трэба.

Хлопец: -  Гэта дрэнна. Не ва ўсіх людзей ёсць магчымасць плаціць за вучобу. Трэба заканадаўча неяк замацаваць, каб для маламаёмных выключэнне было, каб хоць на першым курсе палёгка была якая.

Малады чалавек: – Нармальна стаўлюся. Я вучуся на бясплатным. Проста трэба да таго чалавека звярнуцца, хто на платным.

Студэнт: – Канешне, адмоўна. Навучанне павінна быць бясплатным. Не кожны зможа. Калі чалавек хоча вучыцца, а няма грошай? Асабліва цяпер, калі крызіс.

Дзяўчына: – Навучанне гэта святло, а за святло трэба плаціць.

Еўрарадыё: – А Вы плаціце?

Дзяўчына: – Не, я на бюджэтным.

Малады чалавек: – Проста не ўсе маюць шанец паступіць, і гэта свайго роду дададтковы шанец.

Ягоны сябар: – Нармальна, канешне. Проста ў кожнага свой выбар, і калі ты не валачэш на бясплатна, дык плаці. Дзяржава ж не будзе ўсіх цягнуць.

Выкладчык: – Вы мяне што, запісваеце, ці што? Ну няхай. Калі яны захацелі, дык чаму не? Платнае навучанне гэта дадатковая магчымасць для тых, хто не прайшоў на бясплатнае. Я вось у аўдыторыі зусім і не ведаю, хто перада мной, платнік альбо не. Мы не робім розніцы. Пагатоў што гэта дзяржаўная ВНУ. Была бы прыватная, там маглі б быць нейкія іншыя крытэры.

Выкладчыца: – Дык цяпер усё за грошы. Меншы ў мяне заканчвае школу. Яно і хацелася б, каб бясплатная, але ж ці гэта магчыма?

Дзяўчына: – Найперш: я вучуся бясплатна. Калі гэта спецыяльнасць запатрабаваная, як інжынеры, то чаму не. Але калі за грошы набываеш спецыяльнасць эканаміста альбо юрыста, з якой, як кажуць, толькі на рынак, тады адмоўна стаўлюся. Трэба мяняць змест адукацыі, прапаноўваць за грошы такія спецыяльнасці, з якімі можна было б сябе потым рэалізаваць у жыцці.