У Бруселі беларусы праводзяць пікет каля будынку Савета ЕС

Каля 20 прадстаўнікоў беларускай дыяспары Бельгіі і Польшчы праводзяць пікет у Бруселі каля будынку Савета ЕС. Нагадаем, сёння там збяруцца міністры замежных спраў краін ЕС, каб вырашыць пытанне ўвядзення санкцый супраць уладаў Беларусі.
Як распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё удзельнік акцыі Ігар Лазарчук, людзі трымаюць 6-метровы плакат "Стоп тэрору ў Беларусі! Свабоду палітычным зняволеным у Беларусі!". Мінакам раздаваліся інфармацыйныя буклеты, якія распавядаюць пра сітуацыю ў Беларусі, пра палітычных зняволеных, парушэнні правоў чалавека.

Паводле слоў Лазарчука, гэта першая частка сённяшняга пікету. Каля будынку Савета ЕС а 13-й гадзіне па мясцовым часе пройдзе і другая частка акцыі.