У Бруселі сёння абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі

Канферэнцыя "Дарожная карта для Беларусі" пройдзе 31 сакавіка ў Бруселі па ініцыятыве трох фракцый Еўрапарламента. Сярод тэм заяўленых дакладаў — перамены ў Беларусі з кастрычніка 2008 года і перспектывы развіцця адносінаў ЕС з Беларуссю.
"Дарожная карта" — гэта схема паступовага развіцця адносінаў ЕС з Беларуссю.

Восенню 2008 года ЕС з 12 рэкамендацый Беларусі вылучыў пяць прыярытэтных: адсутнасць у краіне палітзняволеных; дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства; забеспячэнне роўных умоў работы СМІ; стварэнне ўмоў для нармальнай дзейнасці палітычных партый і арганізацый; выключэнне з Крымінальнага кодэкса артыкулаў, якія тычацца крымінальнага пераследу за грамадскую і палітычную дзейнасць.

На канферэнцыі сярод іншых запланаваныя выступы Аляксандра Мілінкевіча і Анатоля Лябедзькі, а таксама старшыні БАЖ Жанны Літвіной.

Вынікі сённяшняй канферэнцыі могуць паўплываць на змест рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі, якую Еўрапарламент, паводле неафіцыйнай інфармацыі, плануе прыняць у пачатку красавіка.

БелаПАН