У ЕГУ ўручылі стыпендыю, заснаваную Уладзімірам Някляевым

З ініцыятывы экс-кандыдата ў прэзідэнты і паэта была заснаваная стыпендыя імя пісьменніка Міхася Стральцова. Сёлета яна ўручаецца ўпершыню. Памер стыпендыі складае 1000 долараў. Выплочвацца яна будзе на працягу года.  Як паведаміла ў эфіры Еўрарадыё супрацоўніца Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяна Рудзінскене, пераможцам стаў другакурснік Антон Уласенка. Ён падаў на конкурс эсэ пад назвай "Мой народзе".

Удзел у конкурсе прапанавалі прыняць усім студэнтам бакалаўраўскай школы. У журы конкурсу ўвайшлі прадстаўнікі адміністрацыі ЕГУ, у тым ліку рэктар універсітэта Анатоль Міхайлаў.

Па словах Рудзінскене, эсэ-пераможца будзе размешчанае на афіцыйным сайце ЕГУ. Таксама ўніверсітэт паспрабуе апублікаваць яго ў іншых медыях.