У экс-дырэктара "Ждановічаў" патрабуюць 40 мільёнаў долараў за экалогію

Вядомага прадпрымальніка, старшыню Савета дырэктараў гандлёвага дома "Ждановічы" Яўгена Шыгалава па-ранейшаму запрашаюць на допыты. Як паведамляе "Беларускі партызан", следчыя выстаўляюць кампаніі штраф на фантастычную суму ў 40 мільёнаў долараў. Падставай называецца нанесеная рынкам экалагічная шкода навакольнаму асяроддзю. Уладальнікі і кіраўнікі гандлёвага дома адмаўляюцца плаціць такі вялікі штраф. Пагатоў, што ніякіх тлумачэнняў ці абгрунтаванняў выстаўленай сумы следчыя не даюць. Справу Шыгалава яшчэ не перадалі ў суд.

Нагадаем, што Яўгена Шыгалава затрымалі ў красавіук 2008 года і звінавацілі ў злоўжыванні службовым становішчам, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы ў выглядзе шкоды экалагічнаму асяроддзю. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі са справай Шыгалава згадваў, што каля 15 высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў загрузлі ў карупцыі. Справу Шыгалава следства меркавала завяршыць у студзені 2009 года.

У СІЗА таксама знаходзіцца дырэктар ГД  "Ждановічы" Аляксандр Ралько. Сваякі і адвакаты настойваюць на тым, каб яму змянілі меру стрымання і выпусцілі з-пад вартавыя. Нагадаем, што за кратамі ён знаходзіцца з 29 красавіка па абвінавачванні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Нядаўна Ралько перанёс цяжкую аперацыю на шчытападобнай залозе. Яму нават прапаноўвалі зрабіць аперацыю на шчытавідцы ў турэмнай лякарні, аднак яго жонка настояла на тым, каб аперацыю зрабілі ў 10-й гарадской лякарні.