У Ганцавіцкім раёне калгаснікам уручылі прэміі ды... вілы
У СВК “Хатынічы” Ганцавіцкага раёна на справаздачным сходзе старшыня калгаса Фёдар Куратнік уручыў паляводам у дадатак да прэмій яшчэ і вілы.
Кожны прэміянт атрымаў звычайны сахор з драўлянай тронкай.
Даяркі ж на сходзе папрасілі, каб ім падарылі па бутэлечцы туалетнае вады. І старшыня абяцаў да 8 сакавіка зрабіць ім такія падарункі. А зборшчыцы малака, якая скардзілася, што ў яе мерзнуць ногі і прасіла норкавае футра, Куратнік дакляраваў падарыць целагрэйку.
Як піша газета “Ганцавіцкі час”, летась гаспадарка па мерках Ганцаўшчыны працавала нядрэнна, сярэдні заробак у сялян склаў 500 тысяч у месяц. Што праўда, у 1990 годзе там працавала 570 чалавек, а цяпер — толькі 157.