У Гомелі варона наладзіла тэрор каля дзіцячага садка

На працягу ўсяго дня 8 траўня каля гомельскага дзіцячага садка № 111 на выхавальнікаў і мінакоў нападала варона. Як паведамляе БелаПАН, птушка налятала на людзей і дзяўбла іх у галаву. Адна з работніц садка нават мусіла звярнуцца ў медпункт, бо варона моцна параніла жанчыну ў галаву. Ніхто з дзяцей ад птушкі не пацярпеў. Работнікі садка кажуць, што яны звярталіся па дапамогу да выратавальнікаў, але тыя адмовіліся выязджаць на выклік, заявіўшы, што лавіць варон не ў іх кампетэнцыі.

Выявілася, што агрэсія птушкі была выкліканая тым, што з гнязда ў двор дзіцячага садка выпаў крумкачонак. Выхавальнікі заўважылі птушаня і папрасілі свайго сантэхніка вынесці яго за межы саду. Пасля гэтага напады вароны спыніліся. Цяпер работнікі садку збіраюцца прасіць выратавальнікаў прыбраць гняздо, якое знаходзіцца над гульнявой пляцоўкай садка.