У Гомельскай вобласці прапануюць стварыць Раду народных дэпутатаў

Каардынатар стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Юры Клімовіч прапанаваў стварыць у Гомельскай вобласці Раду народных дэпутатаў, паведамляе БелаПАН. Такую прапанову ён вынес на Форуме дэмакратычных сілаў, які праходзіць у Гомелі. Ён адзначыў, што дэпутаты мясцовых саветаў, абраныя на апошніх выбарах, не з’яўляюцца па сутнасці народнымі, бо гэта збольшага кіраўнікі прадпрыемстваў і прадстаўнікі ўлады. А вось кандыдаты ад апазіцыі ў часе перадвыбарчай кампаніі шмат даведаліся аб праблемах у акругах, па якіх балатаваліся. Напрыклад, да экс-кандыдаткі ў дэпутаты Гомельскага гарсавету дагэтуль прыходзяць жыхары яе акругі і просяць дапамагчы.

Юры Клімовіч лічыць, што ў такую Раду маглі б увайсці былыя кандыдаты і вырашаць лакальныя пытанні. Гэта можа дапамагчы ў справе кансалідацыі дэмакратычных сілаў рэгіёну. Таксама гэта добрая падрыхтоўка да будучых парламенцкіх выбараў.