У Гродне бібліятэка змагаецца з п’янствам і самагубствамі

У гродзенскай абласной бібліятэцы імя Карскага праводзяць сустрэчы, на якіх заклікаюць моладзь не ўжываць алкаголь і не лаяцца матам.
Бібліятэка супрацоўнічае з мясцовай праваслаўнай епархіяй. Тэмы іншых сустрэч – барацьба з самагубствамі. Кожны дзень бібліятэку наведвае амаль тысяча чалавек. Тут дзейнічае публічны цэнтр прававой інфармацыі і юрыдычная прыёмная, дзе бясплатна даюць кансультацыі сацыяльна неабароненым грамадзянам.

Цяпер у фондах бібліятэкі амаль 630 тысяч экземпляраў. Яе супрацоўнікі ганарацца замежным аддзелам, у якім сабралі даведачную літаратуру на 37 мовах свету, у тым ліку эсперанта.

Дарэчы, бібліятэка аднавіла традыцыю пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якая доўгі час пражыла ў Гродне, і праводзіць цяпер навагоднюю ёлку для дзяцей-сірот.