У Гродне пройдзе фотаапленэр “Адкрый Новы Свет”

Фотаапленэр “Адкрый Новы Свет” распачнецца 28 чэрвеня ў Гродне ў памяшканні “Таварыства беларускай школы”. Спачатку лекцыі прачытаюць мясцовыя краязнаўцы і гісторыкі.
Краязнаўца Ян Лялевіч зробіць экскурс у гісторыю гарадзенскай фатаграфіі з паказам здымкаў стогадовай даўніны, што рабіліся ў горадзе.

Удзельнікам пленэру прапануецца экскурсія ў Новы Свет. Гісторык Андрэй Вашкевіч пакажа, дзе пачынаўся гэты гарадскі квартал, дзе рабіў свае першыя крокі Максім Багдановіч.

Пасля кожны выбярэ для сябе найпрыгажэйшую вулачку і пачне здымкі. Жанр здымка удзельнікі абіраюць самі: архітэктура, сцэнкі з жыцця Новага Свету, рэпартаж, фотакалаж, фотакомікс.

Вынікі фотапленэра будуць выдадзеныя на CD, куды ўвойдуць выбраныя працы кожнага ўдзельніка, агляд гісторыі фотаздымка ў Гродна, віртуальная карта Новага Свету.

Сяргей Апановіч, Еўрарадыё, Гродна