У Гродне пры будаўніцтве хаты сям'я раскапала бронетранспарцёр (відэа)
Гродзенская сям'я атрымала ўчастак пад будаўніцтва дома ў мікрараёне Зарыца-5.
Калі гродзенцы знялі пласт глебы, то знайшлі металічны люк. Потым на паверхні паказаўся корпус ваеннай машыны.
Гродзенцы паведамілі пра знаходку ў міліцыю і выратавальнікам, на месца прыехалі вайскоўцы. Як паведамляе БЕЛТА, пад зямлёй выяўлены корпус бронетранспарцёра. Мяркуецца, што гэта БТР-60. Месца абследавалі сапёры, небяспекі няма.
Верагодна, што машына "пахаваная" тут з савецкіх часоў. Па словах мясцовых жыхароў, тады недалёка размяшчаўся навучальны палігон ДТСААФ. На ім адпрацаваная ваенная тэхніка магла выкарыстоўвацца ў якасці навучальных макетаў.
Уладальнікам участку прапанавалі напісаць заяву ў гарвыканкам. А раскапаць і ўтылізаваць шматтонны бронетранспарцёр дапаможа адна з часцей вайсковага гарнізона.