У Гродне распачнецца кампанія "Год Незалежнасці - 2008"

Кампанія "Год Незалежнасці - 2008" распачнецца 2 лютага ў Гродне супольным канцэртам мінскага гурта "Рэха" і гродзенскага барда Віктара Шалкевіча.  Падрабязнасці пра акцыю паведамляе наш карэспандэнт Сяргей Апановіч:

“Гэтая кампанія прысвечана 90-годдзю абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Да таго ж, 2 лютага адзначацца 170-я гадавіна з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага.

У аргкамітэт святкавання ў Гродне 90-х угодкаў БНР на сённяшні дзень увайшлі гарадская арганізацыя Партыі БНФ, Гродзенскі рух "За Свабоду", "Малады Фронт". Уваход на канцэрт будзе вольны і пройдзе ён у памяшканні Гродзенскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі”.