У інтэрнэце і надалей можна замовіць нелегальнае піра-шоў

У Беларусі можна замовіць любое піратэхнічнае шоў. Адзінае, што спатрэбіцца, — дазвол ад МНС ды Дзяржпраматамнагляда. А вось у беларускіх клубах ужо два гады як ніхто не выкарыстоўвае піратэхніку. Легальна… Па кантактных тэлефонах аднаго з беларускіх піратэхнічных сайтаў журналісту Еўрарадыё адказаў малады чалавек, які запэўніў, што ў Беларусі можна зладзіць любое піратэхнічнае шоў:

Супрацоўнік: “Пасля апошніх падзей у Расіі я б не рэкамендаваў ладзіць піра-шоў у памяшканні. Мы маем піратэхніку для памяшканняў, аднак зараз невядома, што будзе з ёй. Лепш за ўсё зрабіць усё на вуліцы. Выязджае спецыяльная брыгада піратэхнікаў, якія будуць кантраляваць увесь працэс піра-шоў. А для арганізацыі шоў нам патрэбна дамаўляцца недзе за два тыдні. Рэч у тым, што мы павінныя аформіць усе дазволы ад МНС ды Дзяржпраматамнадзору”.

26 лістапада Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ды Мінгандлю распаўсюдзілі спецыяльна распрацаваныя рэкамендацыі па гандлі піратэхнікай. У прыватнасці, пакупнікі не могуць пабачыць зараз “ужывую” піратэхніку — замовіць прадукцыю можна будзе толькі па каталогу. Прычым на складзе любой гандлёвай кропкі можа знаходзіцца не болей за 50 кілаграмаў піратэхнкі. Да таго ж зараз кожны мае права патрабаваць у прадаўца вынікі выпрабаванняў гэтай прадукцыі на нормы пажарнай бяспекі і дазвол на ўвоз у краіну ад Дзяржпраматамнагляда. А таксама і абавязковую інструкцыю на рускай або беларускай мове.

На просты запыт у інтэрнэце “піратэхнічнае шоў Беларусь” любы пошукавік выдае каля 20 сайтаў і тэлефонаў арганізацый. Усе яны сцвярджаюць, што маюць права зладзіць у нашай краіне амаль любое вогеннае відовішча. Аднак як распавёў Еўрарадыё Віталь Навіцкі, прэс-сакратар МНС, у Беларусі на сёння ліцэнзію на гандаль піратэхнікай і арганізацыю піратэхнічных шоў маюць толькі 14 кампаній. Аднак калі хтосьці пажадае, напрыклад, зрабіць прыватную вечарыну з агнём ды выбухамі дзе-небудзь у сябе на лецішчы, усё роўна прыйдзецца атрымаць асобны дазвол:

Навіцкі: “Аднак пры гэтым 14 кампаній маюць агульны дазвол на правядзенне піратэхнічных шоў. Таму на кожнае канкрэтнае мерапрыемства трэба будзе атрымліваць асобны дазвол. Таму калі вы замаўляеце шоў у гэтых фірмаў, то яны возьмуць на сабе ўсю арганізацыю ўсіх дазволаў ды выкананне ўсіх нормаў бяспекі”.

Цікава, што ў Беларусі меры перасцярогі па працы з піратэхнікай у закрытых памяшканнях, накшталт начных клубаў, выконваюцца ўжо два гады! Прычым гэтыя змены ўведзеныя гэтаксама пасля здарэння ў Расіі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Дзмітрый Шэпялевіч, сталічны прамоўтэр і арганізатар клубных канцэртаў. Рэч у тым, што два гады таму ў Маскве так сама, як і некалькі дзён таму у Пермі, згарэў з-за піратэхнікі клуб:

Шэпялевіч: “Там паказвалі фаер-шоў на барнай стойцы, дзе быў разліты нейкі алкаголь. І гэтаксама згарэў клуб і нават два ці тры чалавекі загінулі. У расійскім заканадаўстве тады толькі ледзь-ледзь зрабілі больш жорсткія ўмовы. А вось у нас тады адразу ж забаранілі ўсю піратэхніку ў памяшканнях”.

Прычым, паводле слоў спадара Шэпялевіча, выкананне ўсялякіх прадпісанняў, загадаў ды мераў перасцярогі адносна працы клубаў адбываецца ў Беларусі значна больш пільна:

Шэпялевіч: “Інакш папросту ўстанова аніякая не адкрыецца! У нас праверкі  — гэта далёка не так, як ў Расіі. Там выходзіць нейкае прадпісанне  — і толькі праз год прыйдуць і правераць. А ў нас спачатку закрыюць, а потым ужо правераць і разбяруцца, варта дазвол на адкрыццё даваць ці не”.

Таму і ніводны арт-дырэктар ніколі не пагодзіцца на піратэхніку ў клубе. Як мінімум  — калі праводзіць вечарыну легальна.

Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы, ужо на гэтым тыдні сталічная міліцыя будзе сустракацца з уладальнікамі клубаў. Дзеля таго, каб чарговы раз нагадаць пра неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі ды крымінальную адказнасць у выпадку невыканання.

Як распавёў Еўрарадыё арт-дырэктар найбуйнейшага сталічнага клуба “Рэактар” Аляксей (ака DJ Lesha Kapriz'z), у клубах асабліва хвалявацца з гэтай нагоды не збіраюцца. Бо самі ўжо даўно не дазваляюць праводзіць піратэхнічныя шоў у памяшканні. Тым больш заўжды застаюцца адкрытыя пляцоўкі перад клубам, дзе звычайна і адбываюцца ўсе вогненныя феерыі:

Аляксей (ака DJ Lesha Kapriz'z): “Сапраўды, да нас часцяком звяртаюцца розныя арганізатары вечарын са сваімі сцэнарамі, дзе ёсць і піратэхніка. Аднак мы адмаўляем па гэтым пункце. Бо маем у клубе хоць і высокую столь (больш за 6 метраў), аднак далёка не пажарабяспечную. Яна папросту спецыяльна зроблена пад лепшае адлюстраванне гуку, а не агню”.

Напрыканцы зазначым, што калі піратэхнічнае шоў вы замаўляеце ў фірме з ліцэнзіяй ад МНС, адказнасць, “калі што”, будзе мець гэтая арганізацыя. А вось калі вы вырашаеце самі зладзіць фаер-вечарыну і набываеце піратэхніку самастойна, то і адказнасць прыйдзецца несці вам ды вашым сваякам.

Фота: www.idea.ru