У Кіеве адкрылася сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ

Шаснаццатая сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ адкрылася сёння ў Кіеве. Ад Беларусі ў ёй бярэ ўдзел парламенцкая дэлегацыя на чале з віцэ-спікерам Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Забалотцам.
На сесію таксама запрошаны прадстаўнікі беларускай апазіцыі: сустаршыні Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сіл і лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

На пасяджэнні 6 ліпеня будзе разглядацца рэзалюцыя “Становішча ў Беларусі”, дакладчыкам па якой выступіць прадстаўнік Даніі Крысціян Піль Лорэнтсэн.

Таксама сітуацыю ў Беларусі абмяркуюць 7 ліпеня падчас “круглага стала”, у якім прымуць удзел дэпутаты Парламенцкай асамблеі АБСЕ і беларускія апазіцыйныя лідэры.

У праекце рэзалюцыі ПА АБСЕ настойліва заклікае беларускі ўрад "скарыстаць ініцыятыву ЕС па добрасуседстве", выконваць міжнародныя абавязацельствы і прытрымлівацца прынцыпаў, звязаных з ідэяй свабоднай і дэмакратычнай дзяржавы, "уключаючы меры па паляпшэнні становішча, выкладзеныя ў неафіцыйным дакуменце Еўрапейскай камісіі".

Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікае беларускія ўлады "ўнесці папраўкі ў Выбарчы кодэкс і ратыфікаваць яго", а таксама запрашаць АБСЕ "ўдзельнічаць у назіранні за ўсімі наступнымі выбарамі".

БелаПАН