У конкурсе на пасаду рэктара ЕГУ сфармавалі шорт-ліст
У конкурсе на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) сфарміраваны шорт-ліст, паведаміў 3 лютага кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта.
Усяго было пададзена 29 заявак ад прэтэндэнтаў, аднак Мілта адмовіўся паведаміць выніковую колькасць кандыдатаў сфармаванага шорт-ліста, імёны прэтэндэнтаў, а таксама ці ёсць сярод іх грамадзяне Беларусі. Прадстаўнік ЕГУ абгрунтаваў гэта тым, што інфармацыя пра кандыдатаў з'яўляецца канфідэнцыяльнай. Прэтэндэнты не змаглі б прыняць удзел у конкурсе, бо навіна пра вылучэнне можа нашкодзіць адносінам у цяперашнімі працадаўцамі.
Прадстаўнік ЕГУ адзначыў, што рашэнне праводзіць конкурс у дадзеным фармаце было прынята з улікам міжнароднай практыкі, а таксама патрабаванняў з боку Шведскага агенцтва па міжнародным супрацоўніцтве ў галіне развіцця, пад эгідай якога праводзіцца конкурс. Улічваліся таксама рэкамендацыі кансалтынгавага агенцтва Mercuri Urval, адказнага за правядзенне конкурсу.
Мілта адзначыў, што камітэт па адборы "здольны забяспечыць празрыстасць працэсу адбору прэтэндэнтаў". У склад камітэта ўваходзяць старшыня агульнага сходу сузаснавальнікаў ЕГУ і прэзідэнт фонду "Еўразія" Хортан Бібі-Сэнтэр, прэзідэнт ЕГУ Анатоль Міхайлаў, выканаўца абавязкаў рэктара ЕГУ Ёрген Ёргенсен, член сената ЕГУ, прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Ганна Філістовіч і іншыя.
Выніковае рашэнне аб прызначэнні рэктара будзе прынята агульным сходам сузаснавальнікаў да канца сакавіка 2017 года.
Як паведамлялася раней, ключавымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да кандыдата з'яўляюцца наяўнасць доктарскай ступені (PhD), не менш чым 15-гадовы досвед выкладання і навукова-даследчай дзейнасці на ўніверсітэцкім узроўні, досвед у галіне міжнароднага супрацоўніцтва універсітэтаў, а таксама не менш як пяцігадовы досвед на старшай кіруючай пасадзе ў сферы вышэйшай адукацыі. Будучы рэктар павінен мець досвед працы са структурамі Еўрапейскага саюза, вольна валодаць англійскай мовай. Валоданне рускай і / або беларускай мовай ўлічваецца ў якасці станоўчага фактару.
Былы рэктар ЕГУ Дэвід Полік, які не валодаў ні рускай, ні беларускай мовай, займаў гэтую пасаду з красавіка 2015 да канца чэрвеня 2016 года. Выканаўцам абавязкі рэктара ЕГУ ў кастрычніку 2016 года быў прызначаны датчанін Ёрген Ёргенсен.