У Курапатах невядомыя зламалі мемарыяльную капліцу

У Курапатах учынены чарговы акт вандалізму. Невядомыя зламалі мемарыяльную капліцу з копіяй абраза Маці Божай Курапацкай "Усіх нявінна расстраляных", створанага мастаком і грамадскім дзеячам Аляксеем Марачкіным, а таксама тры памятныя крыжы на цэнтральнай алеі.  Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у інтэрв'ю БелаПАН назваў акт вандалізму праяўленнем "пячорнага ўзроўню маральнага стану беларускага грамадства", якое зняважліва ставіцца да памяці продкаў, што загінулі ў войнах ці былі бязвінна пакараны. Паводле яго слоў, такія факты апаганьвання могілак і мемарыялаў сведчаць аб тым, што праблема выхавання культуры памяці з'яўляецца вельмі актуальнай для беларускага грамадства.

Нагадаем, на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння "Месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты", унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і размешчанай на паўночна-ўсходняй ускраіне Мінска, пахаваны, паводле розных ацэнак, ад 30 да 200 тысяч ахвяраў сталінізму.