У Літве збіраюць подпісы супраць будаўніцтва беларускай АЭС

Літоўская грамадскасць распаўсюдзіла інтэрнэт-петыцыю, пад якой заклікае падпісацца супраць будаўніцтва беларускай АЭС недалёка ад Вільні. За няпоўныя два тыдні пад зваротам у літоўскае Міністэрства навакольнага асяроддзя падпісалася больш за 3000 чалавек, перадае БелаПАН. У петыцыі адзначаецца, што праца будучай АЭС негатыўна паўплывае на наваколлі Літвы, у прыватнасці на гідралагічны рэжым ракі Вяллі/Нярыс, можа прывесці да пераносу радыёнуклідаў як па вадзе, так і па паветры.

Аўтары звароту падкрэсліваюць, што пляцоўка пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) знаходзіцца ўсяго за 23 кіламетры ад літоўскай мяжы і за 40 км ад сталіцы. "У выпадку аварыі Вільня трапіць у зону эвакуацыі", — падкрэсліваюць арганізатары збору подпісаў.

Па нормах міжнароднага права, Літва мае права выказаць сваю пазіцыю наконт планаў Беларусі будаваць АЭС, аднак блакаваць рашэнне не можа. Тым не менш, літоўскія грамадскія арганізацыі спрабуюць пераканаць улады сваёй краіны ў неабходнасці выказацца супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы.